Раённы чэмпіянат па геаграфіі

Автор: | 04.04.2018

Беларусь – краіна маёй будучыні!”

Брагіншчына… Ёй прысвячалі свае праніклівыя радкі паэты, яе незвычайную прыгажосць захавалі на шматлікіх палотнах мастакі, многія яе ураджэнцы сталі славутымі людзьмі…

А наколькі добра ведае падрастаючае пакаленне аб звязаных з родным краем падзеях і фактах, паказалі вынікі вясновых гульняў раённага чэмпіянату па геаграфіі “Беларусь – краіна маёй будучыні!”, які прайшоў сярод вучняў 6-9 класаў 28 сакавіка і быў прымеркаваны да Году малой радзімы.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы, у якіх за аснову ўзята папулярная тэлегульня “Брэйн-рынг”, праходзяць у раёне другі год запар. Гэта была чацвёртая гульня з удзелам дзевяці каманд, якія ў выніку жараб’ёўкі падзяліліся на тры групы.

Чэмпіянат праходзіў у два этапы. І ў першым інтэлектуалы адказвалі на пытанні, якія датычыліся нашага краю. Напрыклад, у якім годзе і ў якім дакуменце ўпершыню быў згаданы Брагін? Вядома ж, у 1147-м у Іпацьеўскім летапісе. Было прапанавана назваць імя ўраджэнца раёна, мастака, апазнавальным знакам работ якога з’яўляецца бусел. У гонар гэтага чалавека, дарэчы, у Гомелі адкрыта мастацкая галерэя. Гэта Гаўрыіл Вашчанка.

А ці ведаеце вы, у склад якой вобласці ўваходзіў Брагінскі раён з 1938-га па 1954 год? Так, Палескай. А дзе знаходзіцца помнік садова-паркавага мастацтва? У вёсцы Тэльман. Плошча нашага раёна – 1960 км2. Якая дзяржава, можа змясціцца на яго тэрыторыі амаль 5000 разоў? Гэта Ватыкан.

Дзе знаходзіцца выток ракі Брагінка? На якой тэктанічнай структуры размешчаны раён? Як называецца запаведнік, частка якога займае значную тэрыторыю Брагіншчыны? Падобных пытанняў, звязаных з гісторыяй і геаграфіяй раёна, было шмат, і радуе, што ўсе вучні, адказваючы на іх, паказалі добрыя веды.

У фінал выйшлі каманды, набраўшыя ў сваіх групах найбольшую колькасць балаў. А тут, змагаючыся за прызавыя месцы, ім давялося працаваць з контурнымі картамі Гомельскай вобласці.

У выніку ў вясновых гульнях раённага чэмпіянату па геаграфіі “Беларусь – краіна маёй будучыні!” чарговую, а менавіта трэцюю перамогу, святкавала каманда Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы (трэнер – Андрэй Аляксандравіч Смалянчук). На ўсіх этапах інтэлектуальных спаборніцтваў упэўнена трымаліся вучні гімназіі г.п. Брагіна, заваяваўшы другое месца (трэнер – Крысціна Уладзіміраўна Такун). Трэцяе месца заняла каманда Іялчанскай СШ (трэнер – Ганна Іванаўна Бельчанка).

Не спыняйцеся на дасягнутым і ўпэўнена ідзіце да новых вышыняў.

Метадыст Ірына Козырава